Бабуля

мая бабуля
не ведае болю
яна думае што
голад —гэта ежа
галота—гэта багацце
смага—гэта вада

яе цела як вінаград абвілася вакол палкі
яе валасы – пчаліныя крылцы
яна глытае сонечныя зайчыкі таблетак
называе інтэрнэт тэлефонам ў амэрыку

яе сэрца стала ружаю — яго толькі і можна
што нюхаць
прыціскаючыся да яе грудзей
больш ад яго ніякага толку
толькі кветка

яе рукі як ногі бусла
чырвоныя палачкі
і я сяджу на кукішках
і выю ваўком
на белую поўню тваёй галавы
бабуля
я кажу табе: гэта не боль
гэта так моцна цябе абдымае бог
цалуе і коле сваёй няголенай шчакою




Вальжына Морт

Back to The Phone Book